адлюстроўвае рэчаіснасць пры дапамозе мастацкай выдумкі і заключае ў сабе
дыдактычна-павучальны сэнс.
Казкі ўзніклі ў глыбокай старажытнасці і заўсёды былі непарыўна звязаны
з шматгранным жыццём народа, яго барацьбой з сіламі прыроды, а ў класавым
грамадстве – за роўнасць, сацыяльную справядлівасць. Казкі як творы
сапраўднага мастацтва задавальнялі эстэтычныя запа-трабаванні народа і ў
той жа час былі важным сродкам пазнання навакольнага свету і абагульнення
працоўнага вопыту многіх пакаленняў, а таксама сродкам выхавання.
Класіфікацыя казак даволі ўмоўная. Звычайна іх падзяляюць на казкі аб
жывёлах, чарадзейныя, або міфічныя, і сацыяльна-бытавыя. Кожная з груп
беларускіх казак вылучаецца асаблівасцямі зместу, сістэмай вобразаў,
характэрнымі прыёмамі мастацкага адлюстравання рэчаіснасці. Усім ім
уласціва высокае паэтычнае майстэрства. Беларускія казкі маюць шмат
агульнага з казкамі іншых народаў, асабліва славян, але ў той жа час
узбагачаюць казачны эпас славянскіх народаў новымі сюжэтамі, ідэямі,
вобразамі.
Ў наш час казачная традыцыя паступова затухае, але многія казкі трывала
захоўваюцца ў народным рэпертуары і па-ранейшаму выконваюць значную ролю ў
выхаванні падрастаючага пакалення. У апошнія гады ў розных раёнах Беларусі
было запісана шмат гэтых твораў, у асноўным казкі пра жывёл і чарадзейныя,
якія карыстаюцца асаблівай увагай дзіцячай аўдыторыі. Былі выяўлены і
таленавітыя казачнікі, рыпертуар якіх вылучаецца багаццем і разнастайнасцю,
а майстэрства выканання прыцягвае шырокую аўдыторыю. Ад 20 да 30 твораў
расказалі К. Мельнікава, Ф. Вяргун, С. Ляўчэня. Як і ў мінулым, сярод
сучасных казачнікаў можна вылучыць два тыпы: імправізатараў, якія ў межах
традыцыі свабодна абыходзяцца з матэрыялам, і традыцыяналістаў, што строга
прытрымліваюцца вядомай сюжэтнай схемы і нават вядомага ім тэксту.
Легенды і паданні.
Да легенд звычайна адносяць трывала замацаваныя ў фальклорнай традыцыі
вусныя апавядальныя творы, ў аснове якіх ляжыць фантастычны вобраз або
ўяўленне, звязаныя з гісторыяй людзей або тлумачэннем розных прыродных і
грамадскіх з’яў. У больш вузкім разуменні, якога прытрымліваюцца некаторыя
даследчыкі, легендамі з’яўляюцца толькі творы на біблейскія сюжэты, г.зн.
апакрыфічныя творы.
Легенды – мастацкія творы, але даменантнай ў іх з’яўляецца не
эстэтычная, як ў казках, а пазнавальная функцыя.
Беларускія легенды разнастайныя па тэматыцы. У апублікаваных запісах
прадстаўлены легенды касмаганічныя, этнагенічныя, гістарычныя, апакрыфічныя
і інш. У іх адлюстраваны розныя ўяўленні народа, спробы растлумачыць
паходжанне сусвету і зямлі, чалавека і жывёл, сутнасць розных з’яў прыроды
і грамадскага жыцця. Часам у легендах адчуваецца рэлігійны ўплыў, але ў той
жа час многім легендам ўласцівы элементы стыхійнага матэрыялізму, у якіх
асуджаецца эксплуатацыя чалавека чалавекам, сацыяльная няроўнасць,
выказваюцца крытычныя адносіны да рэлігійнага вучэння.
У некаторых беларускіх легендах распрацоўваюцца розныя маральна-этычныя
праблемы, сцвярджаецца неабходнасць добрасумленных адносін да працы,
справядлівых і добразычлівых адносін паміж людзьмі, але часам гэтыя
станоўчыя ідэі атрымліваюць рэлігійную афарбоўку.
Нягледзячы на агульную тэндэнцыю затухання гэтага жанра, у часы Вялікай
Айчыннай вайны ўзніклі легенды пра мужных абаронцаў нашай Радзімы, пра
партызанскіх камандзіраў.
Па сваёй асноўнай функцыі – перадача выпрацаваных папярэднімі
пакаленнямі пэўных ведаў або ўяўленняў – да легенд набліжаюцца паданні. Але
калі легенды заўсёды фантастычныя па зместу і ў сувязі з гэтым маюць
адпаведную паэтыку, паданні даюць звесткі аб рэальных асобах і сапраўдных
падзеях, хаця, натуральна, пры перадачы з вуснаў у вусны аддаляюцца ад
першаасновы, жыццёвы матэрыял набывае ў іх паэтычную інтэрпрэтацыю.
Найбольш распаўсюджаныя ў беларускім фальклоры паданні гістарычныя і
тапанімічныя, многія з якіх маюць гістарычную афарбоўку. З вуснаў у вусны
перадаваліся паданні аб асілках, якія нібыта некалі жылі на тэрыторыі
сучаснай Беларусі і пакінулі пасля сябе старажытныя гарадзішчы ды
велізарныя камяні з адбіткамі сваіх пальцаў ці рук. Тэма многіх паданняў –
барацьба беларускага народа с іншаземнымі захопнікамі. Яны маляўніча
апавядаюць аб адзінаборстве рускага воіна з татарскім, пра перамогу над
шведамі, пра Айчынную вайну 1812 г. Адначасова ў гэтых творах адлюстраваны
цяжкія пакуты, якія прыносілі войны народу, з гневам і болем апавядаецца аб
рабунках і здзеках, што чынілі захопнікі на беларускай зямлі. Вядомы
таксама шматлікія паданні аб заснавані розных населеных пунктаў, паданні аб
рэках, азёрах, урочышчах і нават асобных збудаваннях. Такія паданні таксама
дапамагаюць глыбей пазнаць мінулае, перадаюць адносіны народа да розных
падзей, яго ўяўленні аб гісторыі роднага краю і любоў да сваёй зямлі.
Анекдоты, жарты, гумарэскі.
Празаічныя жанры малой формы – анекдоты, жарты і гумарэскі – узніклі
амаль адначасова з сацыяльна-бытавымі казкамі, развіваліся ў цеснай сувязі
з імі, актыўна бытуюць і ў наш час.
Пад анекдотам да палавіны 19 ст. разумелі кароткае камічнае апавяданне
пра смешны выпадак з жыцця вядомага гістарычнага дзеяча. Пазней анекдотамі
сталі называць невялікае вуснае аднаэпізоднае апавяданне пра незвычайную,
смешную падзею, сітуацыю, рысу характару чалавека ці ўчынак з неспадзявана
камічнай развязкай. Блізкім да анекдота з’яўляецца жарт, у аснове якога
таксама апавяданне пра смешнае здарэнне, дасціпная насмешка. У параўнанні з
анекдотам, які выстаўляе на смех і сацыяльна-палітычныя з’явы, жарт
звычайна незласліва высмейвае бытавыя здарэнні, паасобныя малаістотныя, але
смешныя рысы і якасці людзей, іх дзіўныя ўчынкі. Як і для анекдота, для
жарта характэрна аднаэпізоднасць, нечаканасць выніку. Найбольш папулярная
форма жарта дыялагічная. Праз кароткі дасціпны дыялог выяўляецца асноўны
ідэйны сэнс твора, накіраванасць насмешкі.
Добразычлівым характарам смеху вызначаецца і гумарэска, або досціп –
таксама невялікі апавядальны твор, у якім трапна высмейваюцца прыватныя
з’явы, паводзіны людзей. Для гумарэскі не абавязковыя нечаканы камічны
вынік, аднаэпізоднасць. Жанравыя межы паміж анекдотам, жартам, гумарэскай
невыразныя і нярэдка творы гэтых жанраў у зборніках змешваюцца.
Прыпеўкі.
Прыпеўка – невялікая лірычная песенька, якая складаецца з чатырох радкоў
і выконваецца на які-небудзь сталы матыў. Вядомы і іншыя назвы гэтага
жанру: вытанкі, скакушкі, брандушкі, выдрыганцы і інш. Тэрмін “прыпеўка”
запазычаны з рускай навуковай тырміналогіі і ў першыню ў навуковую
беларускую літаратуру ўведзены В. Астаповічам.
Вытокі жанру ў танцавальных прыпеўках, а таксама ў прыпеўках вясельных і
дударскіх. У прыпеўках адлюстраваны многія бакі жыцця сялянства. Аднак
асноўная тэма гэтага жанру – любоў. У прыпеўках прыкметнае месца займае
грамадска-палітычная тыма.
Сярод фальклорных жанраў, якія адлюстроўваюць сучаснасць, адно з першых
месц належыць прыпеўцы.
Першыя публікацыі беларускіх прыпевак адносяцца да 40-х гг. XIX ст.
Пазаабрадавыя песні.
Пазаабрадавыя песні, як відаць з самой назвы, - гэта песні, якія
выконваюцца незалежна ад абрада ці календара, у любы час і ў розных
канкрэтных жыццёвых абставінах. У народзе пра гэтыя песні гавораць, што яны
спяваюцца “абы калі”, “калі давядзецца”, “калі надумаешся”, “хоць дзе”,
“дзе можна” і інш. Спяваюць іх у час адпачынку і на рабоце, дома і ў полі,
“на міру” і сам-насам. Песні гэтыя не звязаны ні з гульнямі, ні з
дзеяннямі.
Мелодыя ў пазаабрадавай песні замацавана непасрэдна за адным тэкстам
(рэдка адзін тэкст выконваецца на некалькі мелодый), тады як у каляндарна-
абрадавай паэзіі на адзін і той жа напеў (асабліва ў вясельнай
песнятворчасці) спяваецца многа тэкстаў.
Пазаабрадавыя песні ў адрозненне ад каляндарна-абрадавых характарызуюцца
большай актыўнасцю, што дало ім магчымасць шырока адлюстроўваць самыя
розныя бакі побыту народа.
Пазаабрадавыя песні часта называюць проста лірычнымі, бо лірычны пачатак
(а ён уласцівы таксама каляндарна-земляробчым і сямейна-абрадавым песням)
з’яўляеццы дамінуючым. Гэта песні пра асабістыя пачуцці і перажыванні
чалавека, пра яго адносіны да акаляючай рэчаіснасці.
Сіла ўздзеяння пазаабрадавай лірычнай песні ў тым, што яна перадае
пачуцці і перажыванні, сугучныя, блізкія, зразумелыя многім людзям,
вылучаецца глыбінёй, багаццем і разнастайнасцю чалавечых эмоцый. Тут
радасць і гора, любоў і нянавісць, весялосць і смутак чалавека. У гэтых
песнях выяўляюцца лепшыя рысы нацыянальнага характару беларусаў: смеласць,
адвага, праўдзівасць, працавітасць, гасціннасць, гуманізм, чуласць,
сціпласць, імкненне да свабоды і нянавісць да прыгнятальнікаў. У іх знайшла
адлюстраванне народная мараль, светапогляд працоўных. Пазаабрадавая
песенная лірыка дае шырокую карціну жыцця народа, яго сямейна-бытавых і
сацыяльна-грамадскіх адносін, таму не выпадкова яе называюць энцыклапедыяй
жыцця народа.
Балады.
У народнай пазаабрадавай песеннай творчасці асобную групу складаюць
балады – ліра-эпічныя творы. Тэрмін “балада” ў народзе невядомы. Спевакі іх
называюць доўгімі або жалоснымі песнямі. У навуковы ў жытак гэты тэрмін быў
уведзены ў XIX ст. Збіральнікі і даследчыкі беларускай вуснапаэтычнай
творчасці называлі балады думамі або думкамі.
Балады – творы драматычнага зместу, напоўненыя высокім эмацыянальным
пачуццём. Тэма іх – сямейнае або асабістае жыццё чалавека, незвычайныя,
трагічныя здарэнні. Як і многія іншыя фальклорныя жанры, балада ўзыходзіць
да глыбокай старажытнасці і прайшла складаны эвалюцыйны шлях станаўлення.
Паводле распрацаванай беларускімі фалькларыстамі класіфікацыі, балады
дзеляцца на пяць асноўных груп:
1. Песні з міфалагічнымі матывамі, у якіх тлумачыцца паходжанне раслін,
жывёл, каменняў, апавядаецца пра пераўтварэнне чалавека ў расліну,
жывёлу, птушку, камень і г. д.;
2. Песні казачнага і легендарнага зместу, у якіх побач з рэальнымі
героямі дзейнічаюць персанажы, тыповыя больш да фантастычных казак і
легенд;
3. Песні-загадкі, у якіх героі загадваюць, на першы погляд,
неверагодныя, невырашальныя загадкі;
4. Песні гульнёва-падарожнага складу, якія характарызуюц-ца
своеасаблівай кампазіцыяй – “паўтарэнне з нарастан-нем” і пэўнай
умоўнасцю зместу;
5. Песні навелістычнага зместу, у якіх апавядаецца пра неверагодныя
падзеі, пераважна драматычнага ці трагічнага характару ў асабістым
жыцці людзей. У іх адсутнічае фантастыка. Асноўная тэма – нешчаслівае
каханне, здрада, сямейныя канфлікты і інш.
Народны тэатр.
Народны тэатр – адметная з’ява ў традыцыйнай духоўнай культуры
беларусаў. Яго вытокі – у глыбокай старажытнасці, звязаны ён з першымі
спробамі чалавека да пераўвасаблення. У аснове народнага тэатра, як і ва
ўсёй вуснапаэтычнай творчасці, ляжыць працоўная дзейнасць чалавека.
Народны тэатр адыграў вялікую ролю ў гісторыі культуры беларускага
народа, бо з’явіўся папярэднікам прафесійнага тэатральнага мастацтва.
Гісторыкі народнага тэатра вылучаюць тры асноўныя складаемыя: абрадавыя
ігрышчы, народныя драматычныя гульні і ўласна народную драму.
Асобае месца ў гісторыі народнага тэатральнага мастацтва займае батлейка
– тэатр лялек, вядомы на Беларусі з XVI ст. Зараз у жывым бытаванні
сустракаецца рэдка.
Заключэнне.
Беларуская вуснапаэтычная творчасць – важная частка духоўнай культуры
нашага народа. Здаўна служыць яна магутным сродкам вобразнага пазнання
жыцця, праўдзіва адлюстроўвае думкі, і мкненні і спадзяванні народных мас,
садзейнічае выхаванню іх эстэтычных густаў і ідэалаў. На працягу многіх
стагоддзяў вуснапаэтычная творчасць была амаль адзінай формай выражэння
духоўнага жыцця людзей: яна з’яўлялася і з’яўляецца неад’емнай часткай
культурнай спадчыны народа, яна спадарожнічае чалавеку на працягу ўсяго яго
жыцця.
Фальклор – няспынная творчасць народа, якая бытуе ў вуснай перадачы
людзей з пакалення ў пакаленне.
Народна-паэтычная творчасць і сёння адыгрывае важную ролю ў духоўным
жыцці людзей, у фарміраванні іх эстэтычна-мастацкіх густаў, ідэалаў і
светапогляду.
Прыклады.
Каляндарна-абрадавая паэзія:
Зімовыя песні:
Да ішлі, ехалі калядкі…
Да ішлі, ехалі калядкі
У маляваных санёчках,
У кужэльных сарочках.
А санёчкі паламаліся,
А сарочкі памараліся.
Прыехала каляда на белым кані…
Прыехала каляда на белым кані.
Яе конічак – ясен месячык,
Яе дужачка – ясна зорачка,
Яе пужачка – ясна звёздачка,
Яе вазочак з тоўстага лядку,
Яе кажушок з белага сняжку.
Веснавыя песні:
Прыдзі, прыдзі, вясна…
Прыдзі, прыдзі, вясна,
Прыдзі, прыдзі, красна
К нам у таночак.
Прынясі нам збожжа,
Прынясі нам красак,
Каб нам звіць вяночак.
Едзіць вясна, едзіць
На залатым кані
У зялёным саяні,
На сасе седзячы,
Сыру зямлю аручы,
Пправай рукой сеючы,
А смыком скародзячы.
Вязець, вязець вясна,
Вязець, вязець красна
Ясныя дзянёчкі,
Частыя дажджочкі,
Зялёныя травы,
Красныя цвяточкі
Нам на вяночкі.
Ой, вясна мая вясёлая…
Ой, вясна мая вясёлая,
Развесяліла ўсе горачкі,
Усе горачкі, усе горачкі-даліначкі,
Даліначкі, дзе парабачкі збіраліся,
Збіраліся, на мёд-гарэлачку складаліся,
Складаліся, аб помсце пану змаўляліся.
Летнія песні:
У полі жыта палавее…
У полі жыта палавее,
У багатага душа млее,
Што ў засеку жыта тлее.
А ў беднага радуецца,
А ў беднага радуецца,
Што новы хлеб гатуецца,
Што з багатым зраўнуецца.
Выйшла маці жыта жаці…
Выйшла маці жыта жаці,
Стала сярпы перакладаці.
Няма сярпа залатога –
Жанца маладога.
Вышла свякроў жыта жаці,
Стала сярпы раскладаці.
Прыбыў сярпок залаценькі –
Жанец маладзенькі.
Восеньскія песні:
Ой, восень мая…
Ой, восень мая,
Восень сцюдзёная,
Чаго ты рана захаладала.
Я й не раненька,
Я й не позненька, -
Калі мая пара прышла:
Лісточак апаў, зямельку ўслаў,
Вось мая і пара прышла.
Рэчкі сталі, пазамярзалі,
Во мая й другая пара.
Ай, восень, восень, макрота…
Ай, восень, восень, макрота(,
Дзецюкам жаніцца ахота,
Дзевачкам ісці няволя,
Заняволіла субота
Усё й татулькава работа.
Замовы:
Замова паляўнічага
Вадзіца царыца, усяму свету памачніца. Як ты змываеш сырое карэнне,
шэрае і белае каменне, так і змый і маю ружы-ну-ружніцу і булат-жалеза. Як
страляе з неба Міхаіл-архангел громам і малянняй і вострай стралой і як
ніхто не можа ўняць ні грома, ні маланні, ні вострай стралы, так ніхто не
можа ўняць і мяне, раба божага, стральца, і маю ружыну-ружніцу і булат-
жалеза. А над маёй ружынай-ружніцай і булата-жалезам няма спаругання на
векі вякоў.
Замова ад злога духа
На сінім моры камень, на тым камні дуб, на тым дубе тры-дзевяць какатоў,
на тых какатах трыдзевяць гняздоў, на тых гнёздах трыдзевяць сарок,
трыдзевяць урок – ад жаночча, ад дзявочча, ад хлапечча, ад мужчынска – русы
волас, чорны волас, рыжы волас, белы волас. Святыя святочкі, хадзіце ка мне
на помач; я з славамі, бог з духамі; як стала, так перастала.
Прыказкі і прымаўкі:
Колас добра не спее, калі сонца добра не грэе.
Шмат снегу – шмат хлеба.
З агнём не жартуё і вадзе не вер.
Воўка ногі кормяць
Цалаваў каршун курачку да апошняга пёрушка.
Што ў лесе родзіцца, у хаце знадобіцца.
З голага куста і ягада пуста.
Якая зіма, такое лета.
Пакланіся кусту, дык ён дасць хлеба лусту.
Без сахі і бараны сам цар хлеба не есць.
Паміраць збірайся, а жыта сей.
На сваём сметніку і певень гаспадар.
Загадкі:
Без кораня, а расце. (Камень)
Без ног бяжыць, без воч глядзіць. (Вада)
Лата на лаце, ніткі не знаці. (Капуста)
Цераз мяжу брат брата не бачаць. (Вочы)
Рота няма, а зубы маюцца. (Граблі)
Гарбаты дзядок усё поле аббегаў. (Серп)
Вісіць сіта, не рукамі звіта. (Павуцінне)
Легенды і паданні:
Пра скарб
Там, дзе ад шляху пашла паваратка на Зялёную Параслю, у правую руку, як
ісці ад Рэчыцы к Хвайнікам, у калодзезі е вя-лікі браварны казан, поўны
грошай, накрыты млінавым каменем. Сколькі раз людзі хацелі выкапаць тыя
грошы, да як толькі дакапаюцца да таго каменя, каторым пакрыты кацёл, так
зараз з Рэчыцы і ляцяць казакі з голымі шаблямі. Людзі паўцякаюць, то і
казакі шчэзнуць, а далей і месца зараўняецца, як бы нічога ніколі.
Анекдоты:
Даведаўся
Зайшоў селянін да пана, а той якраз паеў і парожнюю міску перавярнуў.
Селянін і пытае:
- Пане, а чаму вы як паелі, то перавярнулі міску?
- Гэта значыць, што я наеўся.
- Вось яно што! А я ўсё думаў, было, чаго гэта мая свіння, як толькі
паесць, дык і пераверне карыта.
Чым частавалі пана
Аднаго разу прыехаў у вёску пан дань сабіраць. Сабраў многа і адправіўся
дамоў са сваімі праслугамі. Але вось пану захацелася піць, і ён сказаў
хлопчыку Міхаську, каб той прынёс квасу. Міхаська хуценька збегаў дамоў і ў
гліняным чарапку прынёс квасу.
Пан выпіў, хваліць, што смачны, ды пытаецца:
- А ў вас яшчэ многа такога квасу?
- Вой многа. Учора ў квас уваліўся пацук, дык мама лазіла даставаць, то
было яшчэ па пуп.
Тут пан як раззлуецца, як топне нагою ды як шпурне чарапок, той і
разбіўся. А Міхаська як заплача: “А, дзядзечка, што ж вы зрабілі, куды ж я
буду ноччу…”
Прыпеўкі:
А скрыпачка, далі бог,
Не жалей жа маіх ног!
Мае ножкі не баляць,
Яны хочуць пагуляць.
Эх, колькі ж нас –
Адна жменечка!
Пагуляем жа
Харашэнечка.
Танцавала рыба з ракам,
А пятрушка з пастарнакам,
А цыбуля з часнаком.
Красна дзеўка з дзецюком.
Рада, рада была баба,
Што дзед утапіўся.
Ліха ж яму нагадзіла –
За куст ухапіўся.
Спіс літаратуры:
1. Э. Дубянецкі «Таямніцы народнай душы»;
2. У. Караткевіч «Зямля пад белымі крыламі»;
3. М. Ларчанка «Беларуская народна-паэтычная творчасць»;
4. К. Кабашнікаў «Беларускі фальклор».
( Кожны радок паўтараецца двойчы.
Страницы: 1, 2
|